Андрэй Хадановіч Казкі Вэнсэнскага лесу в разделе Стихи, в которых кажется что-то детское или память о детстве

1. Брыдкае качаня

 

Жыло сабе брыдкае качаня,

добра сябе паводзіла,

слухалася старэйшых

і, галоўнае, выдатна харчавалася,

бо вельмі хацела хутчэй вырасьці.

 

Ела яно, ела,

але так і не зрабілася

прыўкрасным лебедзем,

бо аднойчы памерла,

ушчэнт закормленнае турыстамі.

 

“Калі вы любіце птушак,

не карміце іх”, –

напісана ва ўсіх парыскіх парках.

 

 

2. Кот у ботах

 

На мастах паміж астравамі

аднаго з азёраў Вэнсэнскага лесу

катэгарычна забараняецца

праход з сабакамі.

Шкада, што ні слова пра катоў.

 

Што робіць кот у ботах

даверлівых турыстаў,

якія разуваюцца,

расьцягнуўшыся на газоне, –

лепш у мяне не пытайце!

 

 

3. Папялушка

 

Часам кот

пасьпявае нагадзіць

толькі ў адзін туфлік.

 

 

4. Дзюймовачка

 

Знакаміты галяндзкі батанік

аднойчы наведаў Parc Floral

і доўга-доўга вывучаў

усе чырвоныя, белыя, жоўтыя,

аранжавыя, блакітныя, фіялетавыя,

ружовыя, барвовыя, лілёвыя

туліпаны, але не знайшоў у іх

ніводнай дзюймовачкі.

 

Стаміўшыся, ён прысеў на лавачку

і разарваў упакоўку з чыпсамі,

а там – маленечкая дзяўчынка,

усьміхаецца яму

і нешта шчабеча на ягонай мове.

 

Істотна, што бульба,

зь якой зрабілі чыпсы,

была зь яго роднай Галяндыі.

 

Трава таксама.